Высокі род. Разбураны палац
Ці хата, што на тым жа самым месцы
Раз дзесяць будавалася.
Глядзяць
Праз вокны продкі,
А жыве там - вецер.
Род.
Кроў яго ўбірае, бы рака,
Дабро і зло і рысы вызначае,
З якімі сын твой будзе ці дачка
Жыць з ганьбаю, са славай ці звычайна.
Не выдумка блакітнае крыві,
А ісціна разумнае істоты -
Свой ведаць род і гонар радавы
І рушнікі захоўваць, і кляйноды.
У свеце адасобленых няма.
І ты - камень у бруку ці ў кароне.
Знайдзі свой герб.
І прадзеда імя
Успомні.