Быццам джына выпусцілі з пляшкі, —
Паспрабуй запхні яго назад.
Дзіка скачуць голыя мілашкі,
Ледзь прыкрыўшы банцікамі зад.
Нібы ў конскай збруі, ўвесь у бляшках,
Канвульсіўна курчыцца «саліст»...
Скуль яна — нястрыманая бражка,
Скуль ён — той грывасты хлюст ці хлыст?!
Скуль ён — утрапення дух разгульны,
Лоўчы неспакушаных ахвяр?!
Прайдзісвету ў кодле тым утульна,
Наркаману тут лафа і фарт...
Запусці такіх знянацку ў джунглі —
Бедных малпаў выкасіць інфаркт!