Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Рубайкі

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Будзь спакойным. На зло і дабро не зважай.
Пазабыла каханая — зрынь свой адчай,
Закуры нетаропка, з прыродаю зліся,
Лёгкакрылыя ў неба калечкі пускай.

Мы за стол гэты селі, каб славіць віно.
Мы і раньш не стамляліся славіць віно.
Ды гляджу я, у нас тут апошняя кварта…
Як жа дальш мы збіраемся славіць віно?

Гэты збан быў калісьці дзівоснай Зухрой.
Кубкам гэтым Джамшыд стаў, вялікі герой.
А вось гэтая чаша была яснай Лейлай...
Знаць, і я колісь буду пасудай якой.

Прытуліла ў спякоту мяне чайхана.
Я піў чай з піалы... раптам шэпча яна:
«О, мой друг, я дзяўчынай была светлалікай...
Выпівай жа мяне... Зацалуй дап'яна...»

Гэты вузкі аблезлы пашчэрблены збан
Быў калісьці пыхлівы, раскормлены пан.
Захачу — разаб'ю, захачу — кіну ў смецце,
Захачу — на базары дзяшова прадам.

Можа стацца: у прышласці нейкі вахлак
З мяне выляпіць посуд, гаршчок ці мо гляк,
Ткне пад ложак мяне, каб уночы выцягваць...
О, што хочаш, Тварэц, але толькі не так!

Хай шыпіць і марнее ад злосці ханжа!
П'ю не попусту я — прагне ўведаць душа:
Што па сілах мне? Дзве, тры кварты? Болей?
Дзе парывам маім палягае мяжа?

Ты адыдзеш у дол... Ды прарочыць мудрэц,
Што зямному быццю тое шчэ не канец.
Станеш глінаю ты. З цябе вылепяць печку.
На табе нехта косці свае будзе грэць.

Чым дарэмнай прамудрасці ў кнігах шукаць,
Лепш з вясёлай красуняй на траўцы ляжаць.
Піць з чароўнай віно, заглядаць ёй у вочы,
Памаленьку гарсэцік яе расшпіляць.