Адбелены расой
Ручнік – жыцця аздоба.
На ім не раз хлеб-соль
Сустрэнуць часам добрым.
Кранецца струн смычок,
Вяселле ўзрушыць хату, –
На грудзі праз плячо
Ручнік павяжуць свату.
У новы ўвойдуць дом,
Каб там пражыць да скону,
Як продкі, ручніком
Акутаюць ікону.
Хто сэрцам не маўчыць, –
З мінуўшчынай гаворыць, –
Раскажуць шмат аб чым
На ручніку узоры.
Як родную зямлю
У ранішнім тумане,
Да твару прытулю
Ручнік, сатканы мамай.
Патрэбна помніць нам:
Не вечныя тут людзі.
І зорны там туман
Ручнік нагадваць будзе...