Дзіўная шыльда – плён маіх дум –
Тут, каля рэчкі, з надпісам: "Рум".
Чуцен прыбою сцішаны шум:
Ўзняўся мой ветразь, спраўджаны румб.
Гук выклікае здзіўлены сум –
Звон заціхае з гукамі “рум-м”.
Дальнія горы Каракарум
Назву рыфмуюць з вёсачкай Рум.
Можа, згубіўшы літару, грум
Ехаў калісьці на Арзурум?
Як скарачэнне, літараў тлум,
Аж недарэчна ўспомніўся ГУМ…
Глянь жа ты ў слоўнік, скончы свой глум!
Можа, не трэба ўсіх тваіх дум?
Колькі ж напісана мною лухты!..
“…Ў гэтай мясціне вязалі плыты…”
1998