Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Рыса

Яшчэ не ацэнена

Клаўся снег на мяне калярова, карункамі,
не даваў больш сабрацца на гэты раз з думкамі,
замінаў, як ніколі, напэўна, да гэтага,
астудзіўшы мяне, так надзейна сагрэтага.

Выйшаў з хаты — прайсціся зімы намалотамі:
даць разбегчыся думам свавольна, з прыгодамі,
не збівацца каб ім той гаворкай з задругаю,
бо яе я ўсё роўна чамусьці не слухаю.

За сталом думы лезлі, глыбокія, плыткія,
часам добрыя, светлыя, часам — і брыдкія.
Я з надзеяй пайшоў скласці думку адзіную,
каб данесці яе прад сваёю сябрынаю.

Снег ішоў на мяне калярова, карункамі.
Ён дзяліўся са мною здагадкамі, думкамі.
Я ж растаўся ўжо, ідучы скрыжаваннямі,
з мінакамі былымі, з былымі спатканнямі…

І пайшоў адваротна дарогаю новаю.
Быў і з роздумам новым, і з новай асноваю.
Падвёў рысу пад тлустаю назвай “мінулае”,
ды адрэзаў з душы ўсё набраклае, чулае.
Думы склаў на паліцы, завесіў гардзінамі:
не дарэмна блукаў сам з сабою гадзінамі,
лёд падэшвай душыў і са снегам, са слотаю.
…Я ў пятніцу выйшаў, вярнуўся — суботаю.