Сасна шаптала баравая,
І не аспрэчваў мох балотны:
«Шляхоў зваротных не бывае
Для тых, хто ў сьвет прыйшоў
сьмяротным...»
А я ня верыў, я ўсё думаў —
Ды і цяпер надзею грэю:
Няўжо, сьвет сам сабе паглумак,
Што ў незваротнасьці старэе?..
Няўжо, ён сам сябе прымусіць
Хоць раз сюды не азірнуцца?
Няўжо, адмовіць Беларусі
Хоць раз са мной перагукнуцца?..
Ды і якія ў сьвеце сьветы,
Якія сілы – хто ўтрымае? —
Калі пачуецца адгэтуль
Аднойчы голас мне: «Чакаю...»