Б’ецца ў бераг магутнае мора,
Рассыпаецца веерам пенным,
I плыве па блакітнай прасторы
Белы сейнер з чырвоным «АЛЕНА».
I кігікаюць плаўныя чайкі,
I імкліва трапечацца сцяг.
I пад сонцам гарачым цяльняшкі
Высыхаюць на потных плячах.
Хутка выплыве горад знаёмы,
I трывожна душа затрымціць:
Як жа доўга ішлі мы дадому!
Як жа страшна на сушу ступіць...
...Смутак сэрца балюча сціскае,
I глядзіш у акно задуменна:
Светлай марай там ціха знікае
Белы сейнер з чырвоным «АЛЕНА».