Гаманкая
шырокая
вуліца,
і прамая –
у далячынь.
Ды абсада
спалохана туліцца
да будынкаў
і глуха маўчыць.
Ліпы,
клёны,
каштаны,
таполі...
Чэзне,
сохне
задыханы ліст.
Трэба болей
паветра ім,
волі,
трэба птушак
у іхнім галлі.
Карані наталіце.
Не згасла
каб жыццё іх...
У бляску агнёў
дня сучаснага,
вуліц сучасных
нам не выжыць
без каранёў!