Быццам давершаны, ды не пачаты,
самы спакойны я й самы зацяты;
бачны знутры, не разгледжаны звонку,
самы глухі, а яшчэ — самы звонкі;
ды векапомны, хвілінназабыты,
з тых, хто не пройдзе ў дзверы адкрыта;
мерыць зіму хто чаканнямі лета,
сонцам схалоджаны, ветрам сагрэты;
вольны — ў каробцы, нявольны — на волі,
хто дадае замест цукру зноў солі;
вузкі, малы я, таксама — шматмерны,
той, хто заўважны звычайна і ў цемры,
я — сумны сэнс смешнаватай прыметы,
Кожным пачуты, Нікім — зразуметы.