Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Шлях да Храма

Сярэдняя: 2.3 (3 галасоў)

На фоне велічных нябёс –
Прыгожа белае на сінім.
Да Храма Спаса-Еўфрасінні
Мяне ізноў прыводзіць лёс.

Дарогай гэтай, пэўна, йшла
Калісьці нашая святая.
Да продкаў думка адлятае,
Да каранёў дабра і зла.

Насустрач з рызніцы – святар,
Да літургіі ён убраны
Ідзе, паважны і старанны,
А рыза свеціць, як ліхтар.

Як палымяная зара,
Акантам бел-чырвона-белым –
На сёння аж занадта смелым –
Ярчэе рыза святара.

Я папрасіў, каб ён памог
Мне ўрэшце высветліць пытанне:
Пра колеры і пра ўбранне…
Адказ – маленькі маналог:

“Ў тым спалучэнні – чыстата,
Пра чалавечы лёс тужлівасць
І разам – годнасць і цярплівасць,
І Багародзіцы цнатлівасць,
І кроў распятага Хрыста…”

Нібыта вечнасці адказ
Тым цемрашалам ашалелым –
Гарыць чырвонае на белым,
Як кроў,
Пралітая за нас.

Зіма.
Заснежаны цвінтар.
Ад Храма я дамоў вяртаўся.
Тым часам холад моцна браўся,
А ў сэрцы – быццам будаваўся
Уласны, велічны алтар.

Бездапаможны быў мароз –
Рабіна ў шэрані ірдзела,
Як сцяг!..
Чырвонае на белым –
На фоне велічных нябёс!