Штоноч апранаецца ў цені
Яна, ніба цемры ўладарка.
Прышпільвае зоркі да цела
Цянётаў яе гаспадарка.
Збянтэжаны месяц бы гузік
Харугвай сяйва атачае.
Абцасам вятровым у смузе
Самотная поўня вітае.
Карункавы станік з азёраў
Ласкавымі хвалямі цісне.
Вільготныя вусны прастораў
Улонне атуляць актрысы.
Пад вэлюмам чорным як богі
Жарынкі хаваюцца жарсці.
Панадаю ўсланы дарогі,
І карты адной толькі масці.
Штоноч апранаецца ў цені
Яна, іх Шанэль і Армані…
Пакуль не кранецца пасцелі
Сном ціхім шчаслівая пані…