Кастрычнік іграе па нотах
Самотнага Шумана.
У восені - твар адзіноты
і водар мінулага.
Глынаю шыпшынавы вечар,
атручаны думкамі.
Ісці да Вас - цэлую вечнасць -
не тымі завулкамі.
Ірвацца на волю са змроку -
праз вузкую шчыліну -
За некалькі, чортавых крокаў
ад брамы адчыненай.
І што цяпер вершы - анёлы
са змоклымі крыламі.
Я лісцем зрываюся з клёнаў
у вечар шыпшынавы.