Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Сіла зямлі

Сярэдняя: 3.8 (24 галасоў)

Калі зойдзецца сэрца ад болю
I прыстану зусім на хаду,
Пры дарозе ці ў ветраным полі
У даспелыя травы ўпаду —

На палын, на халодны трыпутнік,
На пасохлы чабор і званец
Павалюся цішком, як пакутнік,
I падумаю: «Вось і канец».

Ды пачую: стракочуць стракозы,
Па былінцы паўзуць мурашы —
Нечаканыя высахнуць слёзы,
Акрыяе надзея ў душы.

На рамонках туманныя росы
I гараць, і цвітуць, і дрыжаць,
Маладзік устае з-за бярозы,
Каб у полі пшаніцу дажаць.

Перапёлкі заходзяцца ў жыце,
Атрасаючы долу тугу.
Я прашу іх: «Хоць вы не кажыце,
Што прыстаў, што дайсці не магу».

Узыходзіць над жытам Венера,
Моўкне плач адзінокай савы...
Я прыпаў да зямлі і паверыў,
Што ўваскрэсну, што зноўку жывы.