Такі шалёны вецер часу быў:
Зрываў людзей з сяліб сваіх абжытых
І з клункамі сабранага пажытку
Іх, бедных, гнаў, скуголячы, ў Сібір.
Ў зямлю чужую там, у мерзлату
Яны, жыць вельмі прагнучы, ўрасталі.
Як роднымі і той зямельцы сталі,
Што ім дарыла скупа дабрату.
І прыняла навек іх як сваіх.
Глядзяць з нябёс засмучаныя зоркі,
Што рэдка кветкі на магілах іх.
Ды на магілах іх рунеюць зёлкі.
Як трэба карані свае любіць,
Як трэба шанаваць свае магілы,
Каб не падзьмула ў душы нам Сібір,
Каб быць людзьмі на гэтым свеце мілым!..