Скрып веснічак бацькоўскага парога,
Кашлаты дуб-магутны ўладар.
Для гэтага спатрэбіцца нямнога,
Каб мне з дзяцінствам стрэцца твар у твар.
Цяплом павее,лугам кветканосным,
Ранэткай спелай,водарам суніц,
І апячэ,і сэрцу стане млосна
Ад тых далекіх сполахаў зарніц.
І памяць тчэ карункі-вышыванкі,
Пад ногі сцеле мяккім дываном,
І з матчынаю песняй-калыханкай
Растае змрок,што ходзіць за акном.
І далячынь мне падаецца зблізку,
Закрыю вочы-тут вось,пад рукой.
Мне б пагушкацца трошкі ў калысцы,
Аставіўшы жыццевы непакой.
Дзяцінства незабыўна-дарагое,
Мінаюць дні,праходзіць пэўны час.
Сталеем мы,а ты ўсе ж такое.
На споведзь да цябе прыйду не раз.