Я, нарэшце, скончыў гэта «Слова»!
Кліч, і плач, і рогі ў серабры,
Княскі коц з падшэўкаю пунсовай,
Енчанне параненай зары.
За ракой, што лебедзі, туманы.
Мо дачасна коней асядлаць,
Быль стварыць; не позна, не зарана
Крыж прыняць? А князю – іспалаць!
Шлях адкрыць таемны ды імглісты,
Дзе сярод змагарстваў і бясед
Вераломны кубак візантыйства
Рускай брагай пеніцца, як след.
Потым хай чаруюць летапісцы,
Лашчыцца святлом іканастас.
«Еже написах». Пара маліцца…
I Гасподзь памоліцца за нас!