Слухай, любы, гэта праўда,
Гэта праўда, не мана:
Апазіцыя каханню
Прада мною, як сцяна.
Не паверыш, я хадзіла
Так і гэтак акурат
I нікога не зманіла
У нішчымны свой атрад.
"Супраць" кожны. Тэарэма,
Праўда, ў кожнага свая,
Але вывад — толькі схема,
Каб цябе забыла я.
Ну ніхто, ніхто не згодзен,
Ні сяброўкі, ні радня,
Я ім нешта пра пачуцці,
А яны — сядлаць каня.
I катаюцца на гэтым
Сівым коніку сваім,
Дэкларуючы з імпэтам,
Што каханне — проста дым.
Недавольна нават мама,
Не пускае на парог.
Але ж ты... I ты? Таксама?
Ты? Каханы? Як ты мог!
Ты таксама разам з імі
Акапаўся. Добра, што ж!
Прыйдзе час, да Пана Бога
Я падамся басанож,
Запытаюся гаротна
Пасля гэтага ўсяго:
"За які мне грэх смяротны
Пакахаць было яго?"