Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

СНЕГ

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Снег вар’яваўся да зары,
Да дахаў, брам і раздарожжаў,
Паўсюль развесіўшы махры,
Якіх ніхто не растрывожыў.

Ён не спыняўся аніяк,
Падобны да смугі бяскроўнай,
I горад – белы, як мярцвяк –
Адпачываў пад ватнай коўдрай.

Снег падкрадаўся з глыбіні,
З надхмар’я, з паднябеснай продні;
У белым бліскалі агні,
На дзень і ноч дзяліўшы содні.

Снег засыпаў і засыпаў –
З напорам згубцы, ліхадзея...
Пужліва горад засыпаў
Каханне, веру і надзею.

I зніклі ў свеце ўсе сляды
Ў маштабе даўняй эпапеі;
Снег падаў доўга – назаўжды,
Як попел падаў на Пампеі.