Ноч мінула ў дрымоце мітрэнжнай:
Сны – ня сны, нэўратычны каляж.
Усьлед сьвінцовая непазьбежна
Прыйшла раніца спакваля.
Пераймаючы ў ночы чароднасьць
Не суняла апрыкры бязлад.
Толькі неба раптам апоўдні
Сьнегам засьціла далягляд.
Навакольле страціла голас –
Пляцы й вуліцы ў згодзе маўчаць.
Нават чутна цяпер, як на горад
Парушынкі з аблокаў ляцяць.
Поўнілі абязьлюдныя паркі –
Белы вальс, белы верш, белы сьвет –
Ахіналі таполі бязважкім
Вэлюмам беззаганным нявест.
Спавівалі плечы абдоймамі
Безнадзейна ўспомненых рук,
Мяккім пошаптам супакойвалі
І плылі безыменныя ўкруг.
Нетаропкія ды незьлічоныя
Пазбаўлялі ад мітусьні
І, лятарні ўбраўшы кучомкамі,
Шлях свой сканчвалі на зямлі.