Пасеяў снежань белую расаду,
Марозік звесіў ногі са страхі.
Вятры снягі арфуюць у прысадах,
Закінушы на неба кажухі.
У цёплай шапцы бэз на паваротцы
Скубе сянцо пахучае з вазоў.
Маўкліва коні, як першапраходцы
Ступаюць з млосным скрыпам палазоў.
І вёска , абапёршыся на плоце,
Дымком над хатай, як брывом, кіўне.
Крамяны яблык ледзянее ў роце
І набліжае да вясны мяне.