Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Віталь Гарановіч

Сярэдняя: 4 (18 галасоў)

Тут дыхаць вольна, дзе шырокі Нёман
Парушыў неруш векавых крыніц.
Тут лёгка полю ў дажджоў палоне
Пад светлай знічкай цёплых навальніц.

Жывецца песням, радасна вяселлям,
Тут даўгалецце—спадчыны выток.
Чабор і верас—цудадзейным зеллем,
Прапіскай жытняй—сіні васілёк.

Дзвіны Прыдзвінне, памяць аб Скарыне,
Паэтаў край і боль зямлі з вайны.
Світае Нарач на снягоў пярыне,
Ухутаўшы туманамі чаўны.

У небе зорак залатыя межы,
Нібы над Сожам Гомеля агні.
Тут непрыступнасць сценаў Белай Вежы
І Белавежскай пушчы карані.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Бяроз вечалле. Беразвечча,
Нібыта ўзведзены курок...
Тут лёсу горкага сустрэча,
Магілы, горасны Барок.

Ахвяр самотная паляна,
Гадамі сцёртыя груды.
Тут беларусам і рымлянам
Стаў бор як чорны знак бяды.

На гэтым месцы ўсім балюча,
Будзь літасцівым, час, прашу.
Тут памяць, быццам дрот калючы,
Сціскае сэрца і душу.

Слязой сплыве агарак свечкі
Ў далонях стомленых людзей.
Худзенькія уздрыгнуць плечкі,
І хтосьці кветкі пакладзе.



Сярэдняя: 3.9 (9 галасоў)

Ранак, як рамонкавы пялёстак,
Забялеў пад сонца капяжом.
Першародным быць цяпер няпроста—
Чыстым ветрам, снегам ці дажджом.

Ды няўпрост застацца чалавекам
Сярод здрады, пошласці і зла.
Не пылінкай у святле малекул—
Хоць адной малекулай святла.

Калі цяжка—мне, майму народу,
Калі лёгка—зноў з народам жыць.
Не губляць галінкі радаводу,
Першаісным да сканання быць.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Запомніў з вас я кожнага
У профіль і анфас,
Заўсёды засяроджаны
Вучобай мілы клас.

Над сшыткамі з надзеяй
Запозна трачу зрок,
Каб значнаю падзеяй
Быў кожны ваш урок.

Пішу адозву марам
У новыя вякі,
Каб не зляцелі марна
Гады, бы скразнякі.