Спачатку было Слова.
І Слова было ў Бога.
І Слова было Бог.
У цемры жылі людзі.
У іх не было свята.
У іх не было дня.
Аднойчы ўзышло сонца.
І стала навокал светла.
І стаў навакол свет.
На свеце жылі людзі.
Але не ведалі Слова,
Не зналі, што ёсць Бог.
Таму людзі толькі вылі,
І толькі таму брахалі,
Калі не маглі маўчыць.
І вось аднойчы збылося:
У сэрцы з’явілася Слова.
І ў Слове тым быў Бог.
А потым узнікла мова.
І мова жыве ў Слове.
А ў словах жыве Бог.
Калі пакідаем мову,
Калі пакідаем Слова,
То нас пакідае Бог.
Бо
Спачатку было Слова.
І Слова было ў Бога.
І Слова было Бог.