Хто ты,
спакусай што завецца?
Які ў табе хавае сэнс
жыццё? Бо мне здаецца:
іду з сумленнем уразрэз!
Хто ты,
якую мэту выбіраеш:
зняважыць альбо нарадзіць?
Жыццё ператвараеш
ў адно пытанне: як жа быць?
Хто ты?
Пяшчота твая маніць,
але ўнутры агонь гарыць,
катуе, раніць, вабіць
і прагна кліча – саграшыць.
Хто ты
і як з табой змагацца?
Мне перамір’я не дае
сумленне – разабрацца
павінен я ў самім сабе.
Хто ты:
спакуса альбо лёсу
наканаванне? На мяжы
стаю, куды мне крочыць
не ведаю, за кім ісці…
Хто ты?…