Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Антон Янкоўскі

Антон Янкоўскі нарадзіўся 29 сакавіка 1986 года ў вёсцы Енчы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У 2003 годзе скончыў Нацкую сярэднюю школу Воранаўскага р-н Гродзенскай вобл. У 2008 г. – Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура народных абрадаў і свят”. Зараз працуе выкладчыкам тэатральных дысцыплін у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.

Невялікія дзіцячыя апавяданні і замалёўкі пачаў пісаць у пачатковых класах, у юнацкія гады былі напісаны першыя вершы на рускай мове. У студэнцкія гады прыйшло разуменне, што толькі беларуская мова можа быць мовай яго паэзіі. Піша вершы, прозу, публіцыстыку.
Друкаваўся ў газетах “Гродзенская праўда” і “Воранаўская газета”, ва універсітэцкіх зборніках “Дар зямны” (суполка “БУКет”) і “Альфабэт”, у рэспубліканскіх часопісах “Рэпетытар”, “Дзеяслоў” і “Маладосць”. Аўтар зборніка вершаў “Анёл з васільковымі вачыма” (2010г). Узнагароджанны дыпломам 1 ступені ў абласны літаратурны конкурс “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча.

Антон Янкоўскі


Сярэдняя: 4.7 (29 галасоў)

Мы мову апранаем…
Сваю,
        бацькоўскую
                                   ды беларускую –
                                                                  не паважаем!
На ёй не пішам і не размаўляем
ні дома,
             ні на вуліцы,
                                     ні ў краме.
Дыктоўкі толькі пішам ў школе –
і нам замежнымі здаюцца словы!
Нібыта мы сыны не гэтае Радзімы,
нібы мы – рэкруты:
                                     змірыліся,
                                                      забылі
                                                                 ды прапілі!
Пайшлі за іншаю культурай
і чаравікі іншыя абулі,
прыстасаваліся да новых абвяшчэнняў,
панам аддалі чынш,
                                      буржуем – еўра,
пазабывалі назаўсёды спевы,
што маці нам ў калысцы пела…
Ды той напеў,
                    такі прыгожы,
                                               меладычны
часамі паўстае у казачным абліччы:
у вобразе хлапца з дудой у полі,
што, нібы дуб, –
                               адзін шукае волі!
А мы ў натоўпе страх хаваем
сказаць не тое і не так.
                                             Губляем
сваёй душы малы агеньчык,
які нас прымушае верыць,
што ўзыдзе сонца
                                  і над нашым краем…

А то цяпер мы мову,
                                    нібы вопратку,
                                                             часова апранаем…



Яшчэ не ацэнена

Аднойчы грып свіны па-свінску,
Такое мне падклаў свіннё,
Што насвінячыўся да віску,
Каб мне свіняча не было.

Але свінячая зараза
Свінячыць не перастае,
І рохкае ўсё раз за разам,
Нібы мяне свіннёй заве!

Ах, ты, свінячая істота,
Цябе я адсвінячу – ў раз!
І будзеш ты стаяць у плоце,
Між іншых вірусаў-зараз!



Сярэдняя: 4.4 (8 галасоў)

Любілі кветкі
Пяшчоту мяккіх рук матулі,
І з гэтага яны цвілі –
Штодзённа!

Дарылі кветкі
Сваю падзяку, бо адчулі:
На падваконніку жылі
Не бессэнсоўна!

Завялі кветкі –
Калі вясеннім днём матуля
Душу на неба адпусціла
Назаўсёды…

Ды кажуць ветры,
Што на нябёсах ёй утульна –
І заквітнелі ля магілы
Рамонкі!
Белая рамонкі…