Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Спатканне з вечнасцю

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
Снягі сплываюць зноў у Белавежы.
Ці снежань на дварэ, ці сакавік?
Нібыта вечнасць, зблытаўшы ўсе межы,
згубіла дням і порам года лік.
Мы тупаем –
                      як ногі не знявечым! –
па некранутым часам гушчары.
А ўсё –
            дзеля кароткае сустрэчы
з паслом дагістарычнае пары.
І вось насустрач нам сцяжынай коўзкай
ідзе хадой,
                  упэўненай наўздзіў,
той зубр, якому некалі Гусоўскі
паэму на латыні прысвяціў.
У рухах ані кропелькі знямогі,
хоць шлях яго пралёг цераз вякі.
На лбе крутым закручаныя рогі –
нібыта ў хмары два маладзікі.
Між сосен, што стаўпіліся наўкола,
ён прыпыніўся і застыў на міг,
як рукапіс Гусоўскага Міколы
у рэдкім радзе векавечных кніг.
Той рукапіс, зусім ужо забыты
пад тоўшчай пылу старажытных схоў,
як зубр,
           дарэшты знішчаны нібыта,
у нашу рэчаіснасць увайшоў.
У ручаінах сонца залатое
гарыць, зіму паблытаўшы з вясной.
А я гляджу.
                    І думкі ўсе пра тое,
што ўвачавідкі вечнасць прада мной.
Яны жывуць і будуць жыць заўсёды
як натуральнай еднасці
                                        узор –
тварэнне неўміручае прыроды
і чалавечага натхнення твор.