Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

СПЁКА Ў ГОРАДНI

Сярэдняя: 4 (4 галасоў)

Павольна астывае дзень
Пахучай здобай,
На чарапічных дахах цень
Кладзецца вобмаль...

Што перац, сыплюцца шпакі
З лятка шпакоўні,
Павеў паветраны цяжкі
I паўнакроўны.

Схаваўся ў вышыні азон –
Сын навальніцы.
Паружавелы гарызонт –
Нібы суніцы.

I дымка засцілае від
Для фатаграфій.
Паветра пахне, як бісквіт
Гарачых вафель.

Не спіць сасмаглы гарадок,
Снуе, як кросны.
На сонечным блінцы прыпёк
Спаліўся: позна...

Як грэлку, цісне да сябе
Начныя плошчы
Спацелы Нёман, і ў журбе
Масты палошча.

Марудна мятная вада
Нясе адбіткі
Пражма сузор’яў, і шкада,
Што Нёман плыткі.

Ён адпаўзае, як ізгой,
У даль патроху!
I брукаванка пад нагой,
Бы чэрствы бохан.