Прыпазніўся са споведдзю, людзі, да вас,
I адно толькі радуе: неяк пражыў,
Да канца не счарсцвеў у нялёгкі той час,
Калі пыл нашы душы сляпыя пакрыў.
За плячамі маімі, як цені, грахі,
Я ў балота парою залазіў з душой,
Быў я часам нямы, быў нярэдка глухі
I ад праўды збягаў атупела ў запой.
Прыпазніўся: і сумна, і страшна ісці,
I нялегка вас, добрыя людзі, шукаць
У складаным да слёз, да адчаю жыцці,
Дзе і ў споведзі праўду так цяжка сказаць...