Кожны чалавек жадае,
Каб да старасці дажыць,
Ды не рад ёй, як ступае
На яе ўжо рубяжы.
Старасць - хай сабе не радасць -
Не вялікая бяда.
Я не буду духам падаць,
Толькі аднаго шкада:
Старасць - восень залатая
і халодная зіма.
Хутка ўсё-ткі пралятае,-
іншых пор за ёй няма.
Старасць - сцежка, скуль не збочыш,
Тупай, покуль сілы ёсць,
Бо ніяк адсюль не ўскочыш
Ты назад у маладосць.
Падлічы і ганарыся
Тым, што ты ужо зрабіў,
і пакуль ідзеш - не гніся,
Каб дачасна не астыў.
Кожны чалавек жадае,
Каб да старасці дажыць.
і як старасць напаткае,
Дык чаго табе тужыць?
1974