СТЭНДАЛЬ У ВОРШЫ
Мадмуазэль Анжэле, па мянушцы «Джына»,
шаноўнай белашвачцы з кварталу куртызан,
якiя абiтаюць на Вiа дэ Тарына
ў Савойскiм каралеўстве, Iталiя, Мiлан.
Цалую палка Вас, каханая какетка!
Што доўга не пiсаў, даруйце сцiпла мне,
Бо на вайне свабодны час бывае рэдка,
Затое смерць бывае часта на вайне.
Мы затаiлiся ў разбуранай сялiбе,
Як згвалтаваныя нябожчыкi ў труне,
Якiх паўгода рвалi клешчамi на дыбе.
Ваюе толькi непахiсны маршал Ней.
У мокры, брыдкi час пачатку лiстапада
Ўсе жупелы душы выскокваюць з бярлог!
На ўсходзе за Дняпром мiльгае, як лампада,
Бiвачны аганёк, укрыўшыся ў разлог
Ад ветру i дажджу, што падае лавiнай,
Ад градзiн ледзяных, падобных на шрапнель:
На тым баку ракi, за цёмнай лукавiнай,
Сярод калмыцкiх сотняў гiне маршал Ней.
Свiнцовай рыбнай лускай кацiць вал дняпроўскi
Рабiзну па вадзе… Удушлiвы абшар…
Апоўнач – Вiтгенштэйн, апоўднi – Ажароўскi,
I гонiць нас фартуна, як лясны пажар.
Пражэрлiвы адчай тхаром з’ядае сэрца,
Бо з кожным днём наш лёс жахлiвей i танней,
Але з апошнiх сiл з адвагай аднаверца
На левым беразе ў зямлю ўрастае Ней.
Амаль чацвёрты тыдзень у расiйскай пастцы
Кутузаўскiх аблог ваюе ар’ергард:
Гяльвецкiя стралкi, гановерцы, эльзасцы…
За iншародны шчыт схаваўся Банапарт.
Бязвылазна сядзiць ён у кляштарнай келлi,
Маўклiвей за цяля i ночы пахмурней,
Як нечаканы госць на ведзьмiным вяселлi,
Бо i ў яго цяпер адна надзея – Ней!
Ужо даўно яго пакiнула бравада.
У думках ён адсюль iмчыцца, нiбы стрыж,
З крывой усмешкай злоўленага канакрада,
I марыць толькi пра завоблачны Парыж,
Масты над плаўнай Сенай, водарныя брашны,
Празрысты пеньюар мадам дэ Багарнэ й
Утульны, цiхi дом, пакуль у рукапашнай
Трымае пераправу бравы маршал Ней,
Каб падарыць магчымасць уцячы чаргова
За сорак лье на захад, дзе Бярэзiна,
Не перакрытая штыкамi Чычагова,
Жыцця i вольнасцi адсыпе нам спаўна.
О, колькi шчасця, аб якiм страшэнна мроiць,
Чакае нас на вабнай той Бярэзiне!
I ўсё таму, што ўпарта не складае зброi
На левым беразе Дняпра адважны Ней.
«I бросiў сейбiт зерне на сухое церне.
I разраслося церне, i зерне скрыла цень…»
Напiсана ля Воршы, Вiцебскай губернi.
Сярэдзiна брумера, дваццаць трэцi дзень.
Пастскрыптум: mon amour, я ведаю напэўна,
Iмчыць мяне вайна, як лiст сухi – мiстраль.
Вы гэты жухлы лiст пагардлiва i гнеўна
Не памiнайце лiхам. Ваш Фрэдэрык Стэндаль.