Сябар мой, паглядзі: у табе заключаецца Вечнасьць.
У табе ўсе стагоддзі спыняюць і ведаюць рух.
Паміж вей і кудзеляў тваіх апынаюцца рэчы,
А між сонцаў і пальцаў тваіх ходзіць Вечны Пастух.
Сябар мой, паглядзі: у табе заключаецца неба.
У табе безупынная грубасьць і першасны такт.
І з вачэй тваіх - громы, залевы да сонечнай Гебы,
І як ціхі туман растае - адпускаецца так.
Сябар мой, паглядзі: у табе землі будзяць і родзяць,
У табе чую сьпевы плямёнаў, і танец, і вой.
У табе рыбы вучацца лётаць, а горы ўзыходзяць,
Бо ім голас загадвае гэтак - і голас той твой.
Сябар мой, паглядзі: у табе пачынаецца Вечнасьць;
У табе ўсе свабоды, пачуцьці, загадкі, гады;
У табе прачынаецца першы, любімы і млечны,
У табе - чалавек. Ён слабы і магутны, як ты.