Ой, вэй!
Ліцвінскі штэтл, ты – прыстанішча маё!
Адсюль за далеччу не бачна Палесціны.
Замест падворлікаў лятае вараннё
Над лісцем высахлым дрыготкае асіны.
Ой, вэй!
Даўно сатлелі ў моры нашы караблі,
Пераламаліся ў дванаццатым калене,
I мы прасыпаліся прыскам па зямлі,
Як зерне сажнае з трухлявае кішэні.
Ой, вэй!
Мяце парывамі пякельны сухавей,
У хілы карак гоніць перакаці-поле.
Дзе мы спынімся, дзе прытулімся? Ой, вэй!
Маўчыць, як рыба, варлівокая нядоля!
Ой, вэй!
Наш сумны штэтл, ты – калыска нашых мар!
Рыдае скрыпіца, пяе сапрана-мецца,
I душы блудныя акурвае дымар –
Нам толькі жыць і сумна плакаць застаецца.