Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Сустрэча, якой не было

Сярэдняя: 5 (1 голас)

СУСТРЭЧА, ЯКОЙ НЕ БЫЛО

Пад парасонамi смалiстых пiнiй
Сярод яснотак, iглiц i цыкут
Па звiлiстай, як гадзiна, сцяжыне

Маркотна йшоў, збягаючы пакут
Вар’яцкага спакуслiвага свету,
Бяспёры iнак, каб схавацца ў кут,

Дзе анiхто не замiне паэту
Пiсаць псалмы па схiльнасцi душы,
З Евангелля збiраючы сюжэты.

Гнаевiка цягнулi мурашы
Ў вiльготны змрок мурашнiка буйнога,
Ды дробязь цiха бразгала ў глушы

Паношанага кашаля льнянога,
А мiтуслiвы мурашовы гурт
Быў прагавiты кшталту васьмiнога

Цi роўна ненаедны каракурт.
Унiзе груда чэзлыя вiланы
Гамузам бручку закладалi ў бурт,

I, нiбыта Стваральнiкам пасланы,
Карчмы сялiбнай чарапiчны дах
Струменiў водар даўкiх вiн Тасканы

I смажанiны мацярдушны пах.
Пачуўшы iх, панурыўся гаротна
Гнятлiвым шляхам стомлены манах

Ды збочыў у шынок. А ў iм спякотна
На пожаге румянiўся каплун,
Бы на прычасцi куртызанка цнотна.

Шынкар, якому б пазайздросцiў гун,
Прынес з падмосця гляк з халодным к’янцi –
Важкi, што палiфемавы валун

Цi небасхiл, ляжалы на Атланце.
У цёмнай нiшы сельскае карчмы
Сядзеў мiнак, што ў пухлым фалiянце

Чарнiламi з егiпецкай сурмы
Пiсаў запоем нейкiя тэрцыны,
Як вязень, збеглы з высмаглай турмы.

Аранжава глядзелi апельцыны
С прысадзiстага дрэва праз вакенца
Крывёй налiтым вокам сарацына

Альбо ашчэрам Кола дзi Рыенца.
Манах прысеў да дзiўнага пiсца,
Пачуўшы ў iм гурмана элаквенцый.

I памiж двух размова без канца
Наладзiлася шчыра i кранальна
Пад булькатанне добрага вiнца,

Што паядынак iнтэлектуальны.
Твар незнаёмца быццам медальер
Чаканам высек у пародзе скальнай,

А потым пасярод пякельных сфер
У полымi бурлiвага вулкана
Палiў яго, здзяйсняючы намер

Распрацаваць твар д’ябла апантаны.
Прызнаўся iнак прыхадню аб тым,
Што сам – спрадвечны выхадзец з Тасканы,

Але жыццё нясе яго, як дым
Ад комiну да хмары праз паветра,
I кружыць у пустэльнiцтве крутым,

Ды так, што нi хвiлiны для санета
Не здольны ён свабоднай адшукаць,
I, на бяду, санеты ў стылi рэтра

Чытач сучасны не прывык чытаць.
А да таго ж, кажыце, калi ласка,
З якой нагоды можна iх складаць?

Адукаваны свет шукае казку,
Мiстэрыю цi рыцарскi раман,
Дзе дабрачыннасць пазнае фiяска:

Кароль Артур, Iзольда i Трыстан…
Не, свет нясецца па шляху Садому,
А ў лейцы ўпiўся д’ябал-шарлатан!

– I мне праблема гэтая ж вядома, –
Спагадлiва нахмурыўся сусед, –
Калi няма ў палацы мажардома,

Тады палац пакутвае ад бед,
А мажардом паэта – толькi мова,
I толькi мова надае iмпэт

Палёту верша i разбегу слова.
Мы страцiлi i грэцкi, i латынь,
Забыўшуся на Музу паспяхова,

Дзеля пацех распусных герцагiнь,
Не здольныя прыдумаць анi оды
Пра подзвiгi героеў i багiнь.

Куды зышлi паэмы Гесiёда,
Гамер, Эсхiл, Вергiлiй i Катул
Ды iншыя вялiкiя рапсоды?

Пануе грэх i пошласцi разгул,
А iх вытокам – здраднiцтва латынi!
О, чуеш: плебс распусна зацягнуў

Сваё спяванне, лёгкi на памiне,
Але ж не захаваецца яно
Анi на момант у культурнай скрынi!

Яны дапiлi глейкае вiно
I разышлiся, завяршыўшы стрэчу.
Той выпадак прыпаў даўным-даўно:

Па-над зямлёй плыло сярэднявечча,
I так яно дагэтуль даплыло.
Увечары нахлынула макрэча,

Схаваўшыся пад плашч, як пад крыло,
Бязвусы iнак пад павеццю пiнiй
Малiўся, i з ягоных губ цякло

Маленне не на велiчнай латынi,
А на гаворцы быдлаўскiх агiд,
Што згадзiлi ўсё ў Рыме i Месiне.

Разломлiвала неба аксамiт
Маланка павуцiннем кракелюра,
I рыфмаваў спалоханы пiiт

Санет у гонар нейкае Лауры.
Пад пiнiей другой за дзесяць мiль
Мiнак, якому д’ябал вэндзiў скуру,

Дастаў з кiшэнi алавяны стыль,
Запоўнены флакон чарнiл лiловых,
I, зняўшы з корка высахлую цвiль,

У фалiянт занес такiя словы,
Што чэрнь нядаўна пела на двары:
«Жыццё сваё прайшоўшы да паловы,

Я апынуўся ў цёмным гушчары».