Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Сустрэчы з Пушкіным у Лідзе

Яшчэ не ацэнена

Сустрэчы з Пушкіным у Лідзе
Лідскі краязнавец Анатоль Фёдаравіч Кулеш у юнацтве меў шчасце пабачыць прапраўнука вялікага рускага паэта Рыгора Рыгоравіча Пушкіна, які ў той час быў намеснікам ваеннага каменданта Ліды. Памятныя сустрэчы адбываліся ў канцы 1944 года, па суботах, на лідскім чыгуначным вакзале.
Па суботах навучэнцы
ездзілі дахаты.
Кожны ў футры, у вушанцы –
як мядзведзь махнаты.

На вакзале заўважалі
Пушкіна Рыгора –
і віталіся вушанкі
з той кубанкай хорам.

Паліто. За спінай рукі.
Хромавыя боты.
Павітаўся. Пра навукі
гутарылі потым.

Хітра ў ходзе той гаворкі
паглядаў з-пад меха.
“Холад сцісне рэйкі – колькі
вам дадому ехаць?..”

А затым не хітра – проста,
нібы скінуў маску,
запытаў пра вершы продка.
Толік ведаў казку.

З казкі аб царэўне спячай
і сямі асілках,
што пазнаў у класе ў пятым,
ён крануў урыўкам.

Смуглы твар святлеў нашчадка
слаўнага паэта –
хлопцы ў футрах ды ў вушанках
помніць будуць гэта…

Нават калі час старэчы
з сівізною прыйдзе,
не забудуцца сустрэчы
з Пушкіным у Лідзе.