Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

СВIТАНАК У ГОМЕЛI

Сярэдняя: 4.3 (4 галасоў)

Страчала воплескамі бераг
Неўтаймаваная вада,
I тоўпілася, што ў партэры
На хвалях лодак чарада.
Яны гайдаліся, і моклі,
I абміралі спакваля.
Iлюмінатараў маноклі
Прагулачнага карабля

Глядзелі ўнікліва і яра
На Гамеюк, задраўшы нос,
Як прадзімае ветрам з яра
Раку напоперак, наўкос
I сыпле прыгаршчамі чаек,
Ураз засмеціўшы прыліў;
Штрыхом птушыным размячае
Сумежжа суднаходных ніў.

I, вывучаючы фарватэр,
Пакрыты калівам жывым
Вільготнай лямцаватай ваты,
Ён брыў трушком, як цераз дым.
Абрыў ікламі дрэвы скаліў,
Драздовым вэрхалам гучаў,
А хвалі векамі раяля
Амаль заплюхвалі прычал

I незалежна існавалі
Ад той птушынай мітусні...
Дастала сонца з гатавалень
Блакітнавокіх прамяні
I потым вогненныя спіцы
Ў ваду ўваткнула пакрысе,
А чайкі сварыліся, быццам
Хацелі прагавіта ўсе

Здзяўбці іскрыстую прынаду,
Напоўніць ззяннем валлякі,
Каб горлы высветліць да ўпаду
I загарэцца ад ракі...
Круціўся вальс святла і света
Над мілямі рачных саванн,
I па-англійску, непрыкметна
Сышоў засмучаны туман.