гэта ня тое як склеіць разьбіты кубак
гэта пра тое як сабраць па кроплі
распырсканы па ўсім сьвеце акіян
ты скруціўся ракавінкай на краі ложка
так раптоўна
так неадкуль
быццам цацка што закацілася пад шафу
і твая калумбіха тут
вочы чырвоныя як мяса
вылупіла але ня бачыць
далей за нос свайго карабля
хто ж выберацца адкрываць цябе зараз
калі ўсе мапы ўжо купленыя і ўстаўленыя ў рамы
хто паверыць табе
што акіян гэта дзіра
што накінула на сябе шэрае прасьцірадла
і гуляе з намі ў прывіды