Нас з табой гадавала
лясная прырода,
Мы раслі з калыханкай
асін і дубоў...
Уставалі зарана,
яшчэ да усходу,
I у Мехава гналі
паўсонных кароў.
Мы з табой вымяралі
адны кіламетры
I з Насілаўскай школы
ішлі за руку
Праз бухматыя гурбы
з марозам і ветрам,
Рукавічкай ты часам
мне грэла шчаку.
Мы з табою раслі
ў весялосці і слёзах.
Многа сонца было,
многа хмар праплыло...
Адспявалі шпакі
на красуні бярозе,
Праляцелі гады,
як шпакі за сяло...
Забалоцце старэла,
а бабкі сівелі,
Падзічэлі сады,
зараслі дзірваном...
Успаміны вяртаюцца,
дзе мы дурэлі
На мурожным абрусе
ў бяроз пад крылом...
Дзякуй, мілая Зіна,
што жывеш ты на свеце!
Хай слязінка на вейцы
толькі ў шчасці дрыжыць.
Хай жа зорка твая
нарачоная свеціць
I вякуецца шчасце
на роснай мяжы.