Чуеш?..
Клёкат арлоў
На сівым Гіндукушы —
рэжуць крыламі ў небе воблачны дым...
Іх спрадвечны спакой на вяршынях парушыў апаўночы
калгасны кішлак Інкашым.
Апаўночы, як сонца, на мачце высокай
засвяцілася лямпачка Ільіча.
За мяжой
у цясніне, прытомленай спёкай,
не спаў усю ноч
гарнізон англічан.
Не адных жа арлоў
патрывожыў агнямі
наш калгасны кішлак
у цемрадзі гор.
На граніцу тады,
рыпучы рамянямі,
з'явіўся
сухі,
як пагарда,
маёр.
«Прапаганда!..» —
брытанец ківаў нам
на горы —
там адрогі у вобліску залатым.
Пагранічнік спакойна
глядзеў на маёра,
і дасхочу смяяўся
кішлак Інкашым.
Рана-рана зарэла
над стромай вяршыняй,
лілося
ў чужыя цясніны
святло.
Сярод ночы
індусам у цёмнай даліне
падалося,
што з поўначы
сонца ўзышло.