Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Анатоль Вялюгін

Vjaljugin.jpg

Нарадзіўся 27 снежня 1923 года ў вёсцы Машканы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і фельчара. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут (1948). Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Звязда» (1939—1940), «Літаратура і мастацтва» (1945—1946), з 1946 года рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя».

З першымі вершамі выступіў у друку ў 1938 годзе. Аўтар паэтычных кніг: «Салют у Мінску» (1947), «Негарэльская арка» (1949), «На подступах» (1952), «На зоры займае» (1958), «Насцеж» (1960), «Адрас любві» (1964, выбранае), «Вершы і балады» (1969), «Верасовы ўзятак» (1974), «Песня зялёнага дуба» (1989), зборнікаў вершаў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), паэм на гісторыка-рэвалюцыйную тэматыку «Бацька Дняпро» (1955), «Вецер з Волгі» (1964). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1973, 1984).

Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкі двухсерыйны тэлефільм «Рэха ў пушчы» (1977), мастацкі фільм «Глядзіце на траву» (1985) і 40 дакументальных фільмаў: «Дарога без прывалу» (1964, з Р. Няхаем), «Балада пра маці» (1965), «Бацька Нёман» (1966), «Арліная крыніца» (1966), «Генерал Пушча» (1967), «Белая вежа» (з С. Сплашновым, 1968), «Там, за ракой - Дзяржынава» (1968), «Агонь» (1969), «Таямніца Івянецкай пушчы» (1970), «Я - крэпасць, вяду бой» (1972), «А зязюля кукавала» (1972), «Магілёў - дні і ночы мужнасці» (1974), «Гарызонты дарог» (1977), «Навальнічная далеч памяці» (1985) і інш.

Выступае і як перакладчык. У яго перакладзе на беларускую мову асобнымі выданнямі выйшлі М. Лермантаў «Каўказскі палоннік» і «Баярын Орша» (паэмы, 1950), Ю. Тувім «Падарунак дзецям» (1956, з С. Дзяргаем), Э. Межэлайціс «Паэма братэрства» (з М. Калачынскім, 1958), П. Варанько «Хлопчык Памагай» (1958), Д. Белавус «Птушыныя галасы» (1960), М. Нагнібеда «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расон» (1979). Пераклаў паасобныя вершы Ў. Маякоўскага, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага і інш. Склаў зборнікі «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967).

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1969). За паэму «Вецер з Волгі» ўдастоены звання лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1968) за кінасцэнарый «Генерал Пушча».



Сярэдняя: 3.8 (12 галасоў)

Вятры і стэп шырокі
дарогу абступілі.
Бялюткія аблокі
на жоўтым небасхіле.

Пад'ехаўшы, мы бачым:
аблокі засцяць горад.
Стаяць у стэпе, значыць,
пад вечным снегам горы.

Адкуль тут горы?
Роўны
прастор ля магістралі.
...Стаяць стагі бавоўны,
што ручанькі збіралі.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

Муэдзін ахрып
і з мінарэта,
стомлены, як вол,
пачаў мычэць.
Не ідуць —
крычы хоць усё лета —
мусульмане верныя ў мячэць.

Людзі ў полі;
просіць піць бавоўна,
і пшаніца просіць:
пара жаць...
Праплыве хмурынкаю раптоўна
каля сцен мячэці паранджа.

Муэдзін кабету прывітае,
сам сабе прамовіць муэдзін:
«Паранджу, напэўна, надзявае,
каб хаваць маршчыны
ад мужчын...»

А ў даліне сонца разлілося,
з гор грыміць
сцюдзёны вадаспад,
і цалуе спелае калоссе
шчокі загарэлыя дзяўчат.

Ім не трэба чорнага чачвана,
ззяюць вочы шчасцем і красой.
Паранджа з краіны ўсёй сарвана,
нібы ноч мінуўшчыны цяжкой.



Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Старых гарадкоў гарацьба
на пяску залатым.
Па схілах
лісцвянак і кедраў
жывы малахіт.

I не хмары над імі —
гэта вогненны дым
тваіх кузняў і домнаў,
зямлі расіянскае шчыт.

Тваёй сталі
аржавіна
у вяках не кране,
і падкоў тваіх цокат
на брусчатку атрос
белагрывы данчак
у чужой старане,
пеннай цёплай губою
ловячы
прускі авёс.

За Одэрам зноў ты
орды глушаш
басам гармат.
Легендамі,
як туманамі,
сябе абвалок.

Каля топак шчыруеш,
гарнавы і салдат,
узняўшы высока
і дыму, і славы вянок.
Эталоны ляцяць.
Шугае агнём палігон.
Рамеснікі ў чорных шынельках
бягуць на завод.
Перазовы гудкоў,
таежных дарог перазвон
ад кумыснага стану
да
закутых ільдамі вод.
Прашу я:
пазыч
вышыні мне, арліны шыхан*,
крылата застыгшы па-над
вяршынямі гор,
яшчэ раз
расхіні мне
працы бяссонны прастор!

На ростань пазыч
вышыні мне,
арліны шыхан.

*Шыхан — вялізны камень на горнай вяршыні.