Там, дзе абрываецца сцяжына
і змрок паўзе з імглістай гушчарыны,
дзе цягне прахалодай падвячорнай,
а ноч заўжды малюе пэндзлем чорным,
дзе рэха з прадказальнаю пяшчотай
падоўгу не затрымлівае ноты,
дзе цені вераніцай сціплых зданяў
плывуць без аніякіх адчуванняў,
дзе час адвеку робіцца імклівым,
там, дзе неверагодныя расліны
з зямлі пахучай працягнулі рукі,
хістаючыся ад далёкіх гукаў,
дзе сцерагуцца ад вачэй жывёлы,
дзе ліст дрыжыць на верхалінах кволы,
убачыць можна дуб несамавіты,
што лішаёвай барадой увіты.
Далей, як углыбіцца ў нерухомасць,
адкрыеш таямніцы невядомасць...
Далоні на грудзях ціхенька зложыш:
ужо даўно не бачыў сноў прыгожых!