Чырвоныя вокны,
Як вочы,
Праваламі ў змрочных дамах
Пужаюцца,
Вылезшы з ночы,
Світанку,
Што пылам прапах.
Гляджу на чырвоныя вокны
I быццам
На свеце адзін...
Як здань,
У двары правуркоча
Заспаны,
Сляпы лімузін.
Чырвоныя вокны
На сонца
Праваламі змрочных пачвар
Глядзяць,
Як глядзелі японцы
На атамны
Першы пажар.