Тату
Сабака завыў працяжна
У цемрыве чорнай ночы.
Паветра – нібыта сажа,
Не бачаць нічога вочы.
Не спіцца і не сядзіцца,
Як быццам з магнітам дзверы,
Пакрочыць бы ў ноч з бальніцы:
Залечаць зусім тут нервы!
Пакрапвае дождж па шыбах,
Нябачны, нямы, халодны,
I здасца, што хмары-глыбы
Па небе плывуць паўзводна.
Знянацку прыйшло няшчасце
I сціснула болем грудзі.
...Як страшна ў глухой палаце
Да раніцы стогнуць людзі!