Светлай памяці суседкі
Рагалевіч Вольгі Васільеўны
Цётка Піўнушка, цётка Піўнушка...
Горкі падтэкст мае гэта мянушка.
Бо Вольга Васільеўна адгаравала.
Гарэлкі ж ніколі ўсмак не каштавала.
Піла толькі шчодра сірочыя слёзы.
З сястрой засталіся адны - дзьве бярозы.
Бо нямецкая лютая, чорная сіла
Ўсю Вятчын маю й Дзякавічы - асіраціла.
А цётку празвалі ўсе гэтак за хату.
Да іх на вячоркі, нібыта на свята,
Збіралася ўся спрацаваная вёска.
Семяненчыхі песня лілася тут дзёрзка.
Падпявалі ёй дружна і Рая, і Жэня...
І ночы ляцелі, як рогі аленя.
І годы ішлі ў трывозе і мужна-
Чужога сынка ўзгадавала Піўнушка.
Цётка Піўнушка, руплівіца ў хаце,
І мне вы былі, быццам родная маці.
Аўтобус ледзь спыніцца тут на хвілінку -
А вы ўжо стаіце адна на прыпынку.
- Адкуль, цётка, ведалі, што я прыеду?
- Ніначка, сэрца мне кажа пра гэта.
(Ах, цётачка, вы ж, як матулін цень,
На гэтым прыпынку амаль як штодзень).
І у Мазыр усёй вуліцай-сходам
Цёткі мяне праважалі заўсёды.
Дзе ж я цяпер там пераначую?
Піўнушчына хатка-сіротка пустуе...
На каленях і ў хаце, і ў белым касцёле
Я малюся за рай для душы цёткі Волі.
Толькі сэрцам усім адчуваю і знаю:
Побач з Богам самім яна зараз у раю.
1997