ці гэта згублены табою волас
пусьціў карэньне
пасьля таго як на пустыню прасьціны
упалі
дажджом доўгачаканым целы
ці гэта гады
абуджаныя ў пячорах коўдры
свае агнявыя
высунулі языкі
альбо фантанам крыві
сканала паветра
задыхнулася
паміж двух целаў
у сярэдзіне
белая пена – вось чым стала прасьціна
і хвалі коўдры вынесьлі на падлогу
дзьве рыбіны што раты выварочваюць няўмела
і што гэта там вісіць
ці не чырвоны месяц
ці гэта бог узьняў свой голас
і кінуў уніз
і ён упаў на дом мой громам
і нерухомай маланкай
на маім ложку
стаіць тульпан