Ці, можа, здалося,
Што зваў мяне хтосьці?
Агледзеўся:
Восень
Старая –
У госці.
Здалёку вітае,
Махае, ківае
I слёз не хавае
Вяшчунка сівая.
Хоць восень старая,
Душой не глухая:
Мяне дакарае,
Глыбока ўздыхае,
Што ўжо на радзіме
Я быў даўнавата,
Што мама і хата
Глядзяць вінавата,
Чакаюць:
Павінны
Шляхі-пуцявіны
Прывесці мяне
Да сваёй пупавіны.
Журбой спавівае,
Ціхутка спявае,
Мне восень
З маленства
Ўспамін навявае.
Нібы немаўля я,
Мяне замаўляе,
Ах, восень-шаптуха, –
Мая павітуха!
Мая дарагая,
Хоць позняя госця.
...Няўжо мне здалося,
Што зваў мяне хтосьці?