А ці памятаеш тое спатканне –
Як квітнелі сады па начах?
Зоркападам ўсміхалася ранне
У бурштынавых неба вачах.
Як анёлы кружлялі ў аблоках
І з саспелымі марамі ўслед
Паднябеснымі ціхімі крокамі
Адыходзілі ў неруша свет?
І як водарны грушамі вечар
Закалыхваў мелодыю губ,
Што пад шэпат лістоты адвечны
Сваім ценем ахоўваў Пан Дуб.
Як стракатымі снамі маланкі
Асвятлялі абсягі часоў…
І на крылах малінавых ранкаў
Дні ўзляталі да даўніх багоў ,
Можа, памяць твая не памерла,
Як не згінула водарнасць груш
Як не знікла саспелая вера
Знітаваных начамі тых душ.
І спякотнымі жніўня вачыма
Аглядаеш пражытае там,
Дзе анёлы бурштынавакрылыя
З аблачынак ўсміхаюцца нам…