Прыйдзе, прыйдзе ў ветразях снежань,
Набаліцца сэрца маной…
А пакуль у любві не межань,
Ружы ўсе для цябе адной.
А пакуль што вясна, як сваха,
Жэніць кветкі. Нашто марнець?
Я іду канаваным шляхам,
Ды іду, каб сваё адпець.
Адспяваць салаўём сутоння,
Ці разбойны высвішчу свіст…
Я не ведаю, што на сёння
Прынясе мне жыццё «на біс».
Толькі ты мне дабро нараіш,
Ты – маё і жыццё, і смерць.
Толькі ты мяне не параніш,
Нават я калі буду хацець…