Пакуль жывы – не песці цела.
Пакуль жывы – забудзь пра млосць.
Пакуль душа не адляцела, –
Успомні: на Зямлі – ты госць.
Жывеш і многа ты, і мала,
Сваю грызеш таемна косць,
Марнуеш час свой, як папала, –
Ты помні: на Зямлі – ты госць.
Страляў і бэсціў, рушыў, плыжыў,
Ты, безразважны ягамосць!
Ці ўсе учынкі ты узважыў?
Забыў, што на Зямлі ты – госць?
Дык азірніся, чалавеча;
Вакол пануе прыгажосць,
Красуе ўсё, усё трапеча, –
Прырода вечная, ты – госць.
Табе сусвет даў гэтак многа,
Ды адчыніў не ўсё наскрозь.
Падумай, дзе твая дарога?
Бо на Зямлі – ўсяго ты госць.