Ну што напішу я сягоння
На гэтым маўклівым лісце?..
...Паціху ўсплывала Пагоня,
Імчалі імклівыя коні
У чорнай начной глухаце.
Імчалі імклівыя коні,
I грывы ім вецер ірваў,
I кроў бунтавалася ў скронях,
Адчайна ляцела Пагоня
Па поплавах з твані і траў.
Імчалі імклівыя коні,
I хрып вырываўся з грудзей,
Ляцеў у нямое прадонне,
I быццам крычала Пагоня:
«А смелыя вершнікі дзе?!»
Імчалі імклівыя коні,
Нясмела світанак трымцеў,
Знікала трывожна Пагоня...
...Бывае ж такое бяссонне
I кроў на парваным лісце...