У дзяцей казарменны пад'ём
Непагадзь ці сонца з галубамі —
Пакідаюць свой прыціхлы дом,
I ў дарогу — на руках у мамы.
Чалавек упэўнена сапе
У сагрэтую дыханнем хустку;
Ён яшчэ не знае аб Маскве,
Нічагусенькі — аб Глуску.
Быццам грэе і маю душу
Адчуванне рук, што не пагаслі.
Дальнія нашчадкі! Я гляджу —
Вашых прадзедаў нясуць у яслі.
I спыняюцца грузавікі
Перад імі
У гулкасці дарожнай.
Нітачка працягнута ў вякі —
Асцярожней, людзі,
Асцярожней...